Beroc

Што будзе з беларускім рублём

«Трымаць грошы ў беларускіх рублях сёння — нібы гуляць ў „рускую рулетку“ пры тым, што з пяці дзірак у барабане чатыры — з кулямі». Эканамісты Зміцер Крук і Яраслаў Раманчук падзяліліся з KYKY бязрадаснымі сцэнарамі ўплыву абвала расійскай эканомікі на беларусаў: дэвальвацыя, стагнацыя, боль і тлен.

Зміцер Крук, эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC):

Сітуацыя ў Расіі паўплывае на беларусаў негатыўна. У першую чаргу ўплыў будзе на беларускі экспарт, бо знешні гандаль — асноўны канал, праз які мы адчуваем праблемы расійскай эканомікі. Неабходна абясцэньваць наш рубель у адносінах да даляра і да расійскага рубля, каб аднавіць канкурэнтаздольнасць на расійскіх рынках. А гэта абясцэньванне, у сваю чаргу, паўплывае на іншыя паказчыкі.

Дэвальвацыя, хутчэй за ўсё, будзе. Неабходнасць значнага зніжэння курса беларускага рубля да расейскага ўжо саспела. Як мне здаецца, лепшае выйсце — адмовіцца ад любых курсавых інтэрвенцый з боку Нацбанка, адпусціць беларускі рубель у свабоднае плаванне і ўздзейнічаць на курс перш за ўсё працэнтнымі стаўкамі. Не як у 2009 годзе, калі значэнне курса перагледзелі нарматыўна. Трэба давесці курс рубля да рыначнага ўзроўню. Гэта можа адбыцца даволі хутка, дэвальвацыя можа быць рэзкай — але ў дадзеным выпадку гэта найлепшае выйсце.

Трэба адпусціць беларускі рубель у свабоднае плаванне.

Прадказаць канкрэтныя даты, канешне, немагчыма. Улады могуць прыняць рашэнне як мага даўжэй падтрымліваць той курс рубля, што склаўся сёння, але гэта прывядзе да значных страт эканомікі. Адзінае, на што можна спадзявацца — рэзкі адскок у Расіі ў студзені-лютым, падвышэнне сусветных коштаў на нафту — але такі сцэнар ужо здаецца амаль неверагодным. На мой погляд, рэагаваць трэба сёння.

Негатыўны трэнд расійскай эканомікі абазначыўся даволі даўно, з 2012 года ішло паступовае запавольванне тэмпаў роста, пазыкі расійскіх кампаній ужо тады былі надта вялікімі, пачаўся адток капітала. Санкцыі Захаду ў бок Расіі яшчэ ўскладнілі сітуацыю, а больш за ўсё на становішча паўплывала зніжэнне цэнаў на нафту.

Прагназаваць, як эканамічная сітуацыя адаб’ецца на выбарах у Беларусі ў 2015 годзе, вельмі цяжка. Калі ўлады прымуць неабходнае рашэнне сёння, то да выбараў сітуацыя можа супакоіцца, але калі пік праблемы прыйдзецца менавіта на выбары, то можа адбыцца ўсё, што заўгодна.

Mікалай Янкойць, KYKY

Чытаць поўны тэкст