Beroc

Дэвальвацыя рубля ў межах 10% непазьбежная

9 ліпеня курс даляра на Беларускай валютна-фондавай біржы абнавіў гістарычны максімум.

Радые Свабода запыталася ў эканамістаў, ці есьць прычыны чакаць аслабленьня беларускага рубля?

Экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук лічыць, што на стан рубля ўплываюць некалькі тэндэнцыяў:

— Перадусім гэта пагаршэньне сытуацыі на зьнешніх рынках. Сальда замежнага гандлю — з дэфіцытам. Пагоршылася каньюнктура на расейскім рынку, бо запаволіліся тэмпы росту ў Расеі. І гэта нэгатыўна ўплывае на беларускі экспарт. Неспрыяльная для беларускіх экспартэраў сытуацыя на энэргетычных і сыравінных рынках. Другі чыньнік — унутраная эканамічная палітыка. Мне яна нагадвае палітыку ў першай палове 2009 году. Тады наш урад не хацеў прызнаваць наяўнасьць крызісу. І хоць попыт ня рос, адбываўся рост выпуску прадукцыі. Так і цяпер. Гэта вядзе да павялічэньня зьнешнегандлевага дэфіцыту і росту напругі на валютным рынку.

Эканаміст Сяргей Чалы дадае яшчэ адзін чыньнік — мадэрнізацыя беларускай прамысловасьці, якая вядзе да росту інвэстыцыйнага імпарту (1 млрд даляраў за першыя пяць месяцаў). А гэта аказвае ціск на бягучы рахунак плацежнага балянсу.

Прагнозы экспэртаў не апакаліптычныя, аднак і ня надта суцяшальныя. Зьміцер Крук лічыць:

— Нацбанк будзе максымальна стрымліваць аслабленьне рубля. Аднак, з улікам аслабленьня расейскага рубля, дэвальвацыя беларускага рубля ў межах 10% непазьбежная. А дэфіцыт бягучага рахунку ўлады будуць закрываць за кошт новых замежных крэдытаў і памнажэньня вонкавага доўгу.

З ім згодны Сяргей Чалы:

— Для эканомікі было б карысна расьцягнутае ў часе аслабленьне беларускага рубля. Але Нацбанк баіцца, і цалкам справядліва, што гэта прывядзе да панічных настрояў сярод насельніцтва. Таму да канца году аслабленьне рубля складзе 10–15% ад цяперашняга ўзроўню. І гэта прыкладна супадае з высновай МВФ наконт таго, наколькі абменны курс рубля завышаны адносна свайго раўнаважнага значэньня.

Нагадаем, што Міжнародны валютны фонд у справаздачы пра стан беларускай эканомікі прыйшоў да высновы, што курс рубля завышаны на 11%.

9 ліпеня курс даляра на Беларускай валютна-фондавай біржы абнавіў гістарычны максімум. За 1 USD давалі 8860 рублеў.

Арыгінал артыкула